18 жніўня, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. У Беларусі ў 2011 годзе плануецца зэканоміць $60 млн., скарачаючы энергазатраты. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік старшыні Дзяржстандарта, дырэктар дэпартамента па энергаэфектыўнасці Леанід Шанец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Такога паказчыка магчыма дасягнуць шляхам скарачэння выкарыстання энергіі на 460 млн. кВт.гадз за год, у тым ліку і за кошт энергазберажэння ў камунальнай сферы.
На гэта накіравана рэспубліканская акцыя "Мінус 60 ват у кожнай кватэры", якая рэалізуецца з красавіка 2008 года і заклікае прадпрыемствы і жыльцоў перайсці ад лямп напальвання да больш энергазберагальных люмінесцэнтных і святлодыёдных. Выключальнікі са спецыяльнымі датчыкамі руху, рэагуючымі на набліжэнне чалавека, пачалі ўжо прымяняць у Беларусі. Святло запальваецца, калі побач з'яўляецца чалавек, і гарыць, пакуль той не знікне.
Намеснік старшыні Дзяржстандарта адзначыў, што з ліпеня 2010 года ў Беларусі плануюць пачаць будаўніцтва энергаэфектыўнага жылля, у якім будуць выкарыстоўваць удзельныя магутнасці, роўныя 40 кВт/кв.м. Цяпер магутнасці складаюць 90-110 кВт/кв.м.
У дэпартаменце па энергаэфектыўнасці таксама паведамілі, што за студзень-чэрвень 2009 года ў краіне ўведзена ў эксплуатацыю абсталяванне агульнай магутнасцю 284,7 МВт пры запланаваных на год 379,8 МВт. У бягучым годзе згодна з рэгіянальнымі праграмамі энергазберажэння запланавана ўкараненне 152 катлоў, якія працуюць на мясцовых відах паліва, сумарнай магутнасцю 176 Гкал/гадз, у тым ліку 67 катлоў з механізаванай палівападачай. За студзень-чэрвень 2009 года ўкаранёна 29 катлоў сумарнай магутнасцю 41,3 Гкал/гадз.
Паводле справаздачных даных міністэрстваў, ведамстваў, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама за I паўгоддзе 2009 года на энергазберагальныя мерапрыемствы накіравана больш як Br1,1 трлн., што склала 31,6 працэнта ад плана на год. У студзені-чэрвені бягучага года рэалізацыя праграм па энергазберажэнню ажыццяўлялася ў асноўным за кошт уласных сродкаў арганізацый, крэдытных рэсурсаў банкаў і бюджэтных сродкаў. У недастатковым аб'ёме выкарыстаны сродкі мясцовых бюджэтаў пры выкананні мерапрыемстваў рэгіянальных праграм энергазберажэння ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях (менш як 25 працэнтаў ад гадавога плана).
Эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў па выніках I паўгоддзя 2009 года за кошт мерапрыемстваў па энергазберажэнню склала 730,5 тыс.туп.-0-











