Актуальна
10.03.2009
Будаўніцтва АЭС у Беларусі будзе пачата ў 2010 годзе - М.Міхадзюк
10 сакавіка, Мінск /Мілена Ануфрыёнак - БЕЛТА/. Будаўніцтва АЭС у Беларусі будзе пачата ў 2010 годзе. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міхаіл Міхадзюк адзначыў, што пытанне аб графіку будаўніцтва будучай станцыі, першы энергаблок якой плануецца ўвесці ў 2016 годзе, абмеркавана з дзяржкарпарацыяй Расатам. "Калі не будзе ніякіх перашкод, то гэтыя тэрміны рэальныя. Для будаўніцтва аднаго энергаблока спатрэбіцца 6 гадоў", - дадаў ён.

У сваю чаргу першы віцэ-прэзідэнт расійскага ЗАТ "Атамбудэкспарт" Аляксандр Глухаў пацвердзіў, што праект будаўніцтва беларускай АЭС можа быць рэалізаваны ў намечаныя тэрміны. "Каб блок быў уведзены згодна з графікам у 2016 годзе, першы бетон павінен быць заліты ў 2010 годзе", - сказаў ён. Разам з тым Аляксандр Глухаў звярнуў увагу, што ёсць яшчэ перадпраектны і праектны цыклы, якія таксама займаюць пэўны час. Таму работы неабходна весці вельмі дынамічна, каб завяршыць іх у тэрмін, вызначаны заказчыкам, падкрэсліў першы віцэ-прэзідэнт "Атамбудэкспарту".