Навіны Міністэрства
18.11.2010
У Беларусі ў гэтым годзе плануецца ўвесці больш як 300 тыс.кв.м энергаэфектыўнага жылля

18 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў 2010 годзе ў цэлым па рэспубліцы намечана ўвесці ў эксплуатацыю больш як 300 тыс.кв.м энергаэфектыўнага жылля, або 103,6 працэнта да аб'ёму, што прадугледжаны Комплекснай праграмай па праектаванню, будаўніцтву і рэканструкцыі энергаэфектыўных жылых дамоў у Рэспубліцы Беларусь на 2009-2010 гады і на перспектыву да 2020 года. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Згодна з дакументам, спачатку прадугледжана будаўніцтва энергаэфектыўных будынкаў-узораў у кожным абласным цэнтры. Цяпер такія будынкі ўзведзены ў Мінску, Гродне, Віцебску пры навуковым суправаджэнні падведамнай Мінбудархітэктуры арганізацыі ДП "Інстытут НДПТІБ імя Атаева С.С." Таксама завяршаецца будаўніцтва двух энергаэфектыўных дамоў у Гомелі, аднаго - у Віцебску, двух - у Наваполацку. Вядзецца праектаванне энергаэфектыўных дамоў у Чавусах, Смалявічах, Лагойску, Слуцку, Пінску, Маларыце, Оршы.

Усе дамы маюць розныя канструктыўныя сістэмы, што дасць магчымасць атрымаць вопыт праектавання і будаўніцтва энергаэфектыўных дамоў з выкарыстаннем розных будаўнічых матэрыялаў і з прымяненнем розных тэхналогій будаўніцтва, растулумачылі ў прэс-службе. Так, ва ўсіх пабудаваных і будуемых аб'ектах прадугледжана дэцэнтралізаваная прытокава-выцяжная прымусовая сістэма вентыляцыі з сістэмай рэкуперацыі цяпла вентыляцыйных выкідаў. У будынках устаноўлены вокны новага пакалення, выканана неаднароднае ўцяпленне загараджальных канструкцый.

Паводле разлікаў, цана 1 кв.м жылля ў энергаэфектыўным фармаце павялічваецца ў сярэднім на $50-80 у залежнасці ад колькасці пакояў у кватэры, яе метражу і канструктыўных асаблівасцей самога будынка. Разам з тым практыка паказала, што дзякуючы энергазберагальным і канструктыўным рашэнням узровень затрат цеплавой энергіі на ацяпленне ў энергаэфектыўных будынках зніжаны ў 3 разы ў параўнанні з затратамі на ацяпленне ў звычайных дамах.

Урадам прынята рашэнне аб паэтапным павелічэнні аб'ёмаў будаўніцтва энергаэфектыўнага жылля ў рэспубліцы. Да 2015 года плануецца здаць у эксплуатацыю не менш як 6 млн.кв.м, што складае 60 працэнтаў ад агульнага аб'ёму плануемага да ўводу жылля.-0-