Навіны Міністэрства
12.11.2010
А.Лукашэнка прапанаваў японскай кампаніі МНI ўдзел у рэалізацыі буйных праектаў у энергетыцы

12 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разглядае магчымасць прыцягнення Японіі да рэалізацыі буйных праектаў у энергетычнай сферы. З такой прапановай 11 лістапада Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да японскай кампаніі Mitsubishi Heavy Industries (МНI), сустракаючыся ў Мінску з яе прадстаўнікамі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

"У бліжэйшы час мы плануем патраціць значныя сродкі, каб забяспечыць энергетычную бяспеку, і, ведаючы вашы магчымасці, а ў вас яны вялікія па ўсіх напрамках, мы хацелі б, каб Японія прыняла ўдзел у рэалізацыі гэтых праектаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь надае вялікае значэнне пашырэнню супрацоўніцтва і дзелавых кантактаў з замежнымі краінамі і вядучымі кампаніямі ў самых розных сферах дзейнасці. "Але асаблівую актуальнасць для нас маюць пытанні нарошчвання энергетычнага патэнцыялу краіны. Менавіта энергетычная бяспека самым непасрэдным чынам уплывае на дынаміку нашага сацыяльна-эканамічнага развіцця і абарону суверэнітэту дзяржавы", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што Беларусь мае нездавальняючую структуру паліўна-энергетычнага балансу. Доля прыроднага газу пры выпрацоўцы электраэнергіі складае 95 працэнтаў. Паводле слоў Прэзідэнта, калісьці гэта было станоўчым фактарам. "Але цяпер адбываецца такое ўзніманне цэн, што і з эканамічнага, і з палітычнага пунктаў гледжання залежнасць ад адной крыніцы ўяўляе пэўную пагрозу", - лічыць кіраўнік дзяржавы. Таму Беларусь вымушана шукаць новыя шляхі развіцця энергетыкі, прыцягваць новых партнёраў для вырашэння стратэгічных задач.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля грунтоўнага вывучэння сусветнага вопыту і ўліку значнасці розных крыніц энергіі ў агульным балансе ў краіне прыйшлі да высновы, што самым аптымальным у нашых умовах варыянтам кардынальнага вырашэння праблемы будзе будаўніцтва сваёй атамнай электрастанцыі. Прэзідэнт таксама дадаў, што ў Беларусі ў бліжэйшы час плануецца пабудаваць гідраэлектрастанцыі, а таксама цеплавыя, палівам для якіх будуць вугаль, торф, дровы і іншыя альтэрнатыўныя крыніцы.

У Беларусі вялікім аўтарытэтам карыстаюцца японскія карпарацыі, якія ідуць у авангардзе навукова-тэхнічнага прагрэсу. Звяртаючыся да прадстаўнікоў японскай кампаніі МНI, Аляксандр Лукашэнка назваў вялікім недахопам, што гэта кампанія практычна адсутнічае на беларускім рынку. "Мы гатовы ліквідаваць гэты недахоп, стварыць усе ўмовы, калі вы вырашыце прыйсці да нас у Беларусь, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Для нас вельмі каштоўна, што вы займаецеся пытаннямі ядзернай энергетыкі комплексна: ад навукова-даследчых распрацовак, праектавання і да будаўніцтва паспяхова працуючых электрастанцый. Вы вырабляеце шырокі спектр прадукцыі для гэтай галіны, уключаючы прадукцыю новага пакалення, у тым ліку ядзерныя энергетычныя ўстаноўкі".

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што Беларусі будзе карысны вопыт Японіі па ліквідацыі наступстваў радыяцыйнага апрамянення і пераадоленню псіхалагічных комплексаў у свядомасці людзей, паколькі гэта краіна першай перажыла такую страшную трагедыю. Японскі народ на працягу 65 гадоў адчувае на сабе ўплыў радыяцыі і пастаянна праяўляе клопат аб сваіх тэрыторыях. Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем заўважыў, што такая ж праблема ёсць і ў нас. Ён дадаў, што краіна нямала дасягнула ў супрацоўніцтве з Японіяй па пераадоленню наступстваў трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.

У выніку сустрэчы беларускі і японскі бакі дамовіліся прадметна і дэталёва абмеркаваць ужо канкрэтныя варыянты супрацоўніцтва. Адбыліся вельмі плённыя перагаворы, у час якіх вызначыліся вельмі добрыя перспектывы супрацоўніцтва.

Японская кампанія Mitsubishi Heavy Industries выказала вялікую зацікаўленасць у рабоце па ўсіх напрамках мадэрнізацыі і развіцця энергетычнай сістэмы ў Беларусі. Прадукцыя і паслугі, якія пастаўляе MHI, могуць у поўнай меры задаволіць запыты беларускага боку. Як было адзначана на сустрэчы, няма перашкод для шырокамаштабнага супрацоўніцтва Беларусі з MHI.

Для Беларусі вялікую цікавасць уяўляе вопыт Японіі ў стварэнні энергетычнай сістэмы. У прыватнасці, на сённяшні дзень японская энергетыка мае наступны баланс: 30 працэнтаў электраэнергіі выпрацоўваецца на АЭС, 30 працэнтаў электрастанцый працуюць на вугалі і 10 працэнтаў - за кошт аднаўляльных крыніц энергіі. На сустрэчы бакамі было адзначана, што Японія і Беларусь вельмі падобныя ў тым, што яны практычна не маюць уласных энергетычных рэсурсаў і кожная краіна ў свой час сутыкнулася з праблемай энергетычнай незалежнасці.

Mitsubishi Heavy Industries з'яўляецца адной з буйнейшых кампаній у Японіі і ажыццяўляе дзейнасць у сферы энергетыкі, транспарту і лагістыкі, сацыяльных аб'ектаў і абароны навакольнага асяроддзя.

Ядзерна-энергетычнае падраздзяленне кампаніі - вядучы распрацоўшчык і вытворца абсталявання для АЭС у Японіі, уключаючы праектаванне, будаўніцтва, інжынірынг і тэхнічнае абслугоўванне АЭС і прадпрыемстваў ядзернага паліўнага цыкла. Кампанія пабудавала і ўвяла ў камерцыйную эксплуатацыю ў Японіі 23 энергаблокі, за мяжой - 2 (у Кітаі).

МНI займаецца пытаннямі ядзернай энергетыкі больш як чатыры дзесяцігоддзі. Гэта адна з вядучых у свеце кампаній па вытворчасці асноўных кампанентаў абсталявання для АЭС, у бліжэйшыя гады яна мае намер павялічыць у два разы вытворчасць кампанентаў асабліва буйнога абсталявання, для чаго інвесціруе $138 млн. у свой асноўны завод па яго вытворчасці. Кампанія таксама з'яўляецца сусветным лідарам па аб'ёму заказаў на замену і мадэрнізацыю рэактарнага і турбіннага абсталявання на дзеючых АЭС свету.

Кампанія выпускае сёння ўсю лінейку электраэнергетычнага абсталявання і будуе пад ключ любыя электрастанцыі - ад працуючых на энергіі ветру да АЭС. На японскіх АЭС (а ўсе яны пабудаваны кампаніяй МНI) не было ні аднаго здарэння за дзесяцігоддзі эксплуатацыі.-0-