21 верасня, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. Перагаворны працэс з Расіяй па будаўніцтву ў Беларусі АЭС ідзе нармальна, ва ўстаноўленым парадку. Аб гэтым заявіў сёння журналістам першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётр Віцязь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Перагаворны працэс ідзе ва ўстаноўленым парадку, усё нармальна, ніякіх парушэнняў няма. Ёсць пытанні эканамічныя. Мы абмяркоўваем, таргуемся - гэта натуральна", - адзначыў Пётр Віцязь.
Паводле яго слоў, сёння для будаўніцтва будучай АЭС праводзяцца неабходныя камунікацыі, дарогі, рыхтуюцца кадры, на гэта выдзелены сродкі. "Робіцца ўсё тое, што не прападзе, што будзе запатрабавана", - адзначыў вучоны.
Пры гэтым Пётр Віцязь падкрэсліў, што "станцыя будзе, гэта 100 працэнтаў", нягледзячы на тое, што работы па яе будаўніцтву яшчэ не пачыналіся. "Без гэтай станцыі мы не забяспечым энергетычную бяспеку краіны", - сказаў ён. Для рэалізацыі гэтага праекта неабходна падрыхтаваць каля 150 нарматыўных дакументаў.
Першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН лічыць, што генпадрадчыкам будаўніцтва беларускай АЭС застанецца расійская кампанія "Атамбудэкспарт". "Але пакуль кантракт не падпісаны, я заўсёды лічу, што ёсць свабода дзеянняў. Будзе падпісаны кантракт, праведзены тэндар - тады будзе зразумелым пытанне", - растлумачыў Пётр Віцязь, выказаўшы ўпэўненасць, што Расія і Беларусь дамовяцца па гэтым пытанні. "Як жа не дамовімся? Ім жа выгадна", - сказаў вучоны.
Аднак, паводле яго слоў, "ёсць і іншыя жадаючыя". "Вось прапануюць карэйцы, кітайцы, французы, амерыканцы могуць удзельнічаць - сёння шмат прапаноў. Вядома, мы вывучаем, каб было танней, якасна і бяспечна. Гэтыя тры фактары - галоўныя пры прыняцці рашэння", - адзначыў прадстаўнік кіраўніцтва НАН.
Што датычыцца стварэння сумеснага прадпрыемства не толькі па рэалізацыі выпрацаванай на будучай АЭС электраэнергіі, як прапануе Расія, але і па збыту энергіі з усёй Беларускай энергасістэмы, то гэта пытанне трэба пралічыць эканамічна, лічыць Пётр Віцязь. "Не магу сказаць, што гэта не трэба або нерэальна, - адзначыў ён. Калі ствараць сёння якое-небудзь СП, то павінна быць адзіная аналітычная сістэма, а гэта пытанне палітычнае, а не эканамічнае".-0-











