14 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі значна ўзрасла ступень даверу насельніцтва да развіцця атамнай энергетыкі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве энергетыкі.
Паводле даных Мінэнерга, Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі ў рамках праграмы навуковага суправаджэння развіцця атамнай энергетыкі ў Беларусі з 2005 года перыядычна праводзіць сацыялагічнае апытанне для вывучэння стаўлення грамадства да ядзернай энергетыкі і ацэнкі ступені даверу насельніцтва да будаўніцтва АЭС у Беларусі. Атрыманыя ў чэрвені бягучага года вынікі даюць магчымасць прасачыць дынаміку грамадскай думкі па пытаннях развіцця ядзернай энергетыкі ў краіне за 5 гадоў. Так, на пытанне, "ці павінна, на ваш погляд, мець і развіваць ядзерную энергетыку Беларусь", колькасць рэспандэнтаў, якія станоўча адказалі, павялічылася больш як у 2 разы - з 28,3 працэнта ў 2005 годзе да 57 працэнтаў у 2010 годзе. А колькасць рэспандэнтаў, якія лічаць, што мець і развіваць краіне ядзерную энергетыку не трэба, за аналагічны перыяд зменшылася ў 2,4 раза - з 46,7 працэнта ў 2005 годзе да 19,6 працэнта ў 2010 годзе.
У Беларусі плануецца пабудаваць АЭС магутнасцю каля 2,4 тыс. МВт. Мяркуецца, што атамная электрастанцыя будзе пабудавана на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці. Увод першага энергаблока чакаецца ў 2016 годзе, другога - у 2018 годзе. Станцыя будзе ўзводзіцца па праекту санкт-пецярбургскага інстытута "Атамэнергапраект". Генпадрадчыкам выступіць расійскае ЗАТ "Атамбудэкспарт" - дзяржаўная інжынірынгавая кампанія, падкантрольная "Расатаму", якая рэалізуе міжурадавыя пагадненні аб будаўніцтве аб'ектаў ядзернай энергетыкі за мяжой.-0-











