Навіны Міністэрства
21.06.2010
Беларусь плануе разлічыцца за газавы доўг з Расіяй на працягу двух тыдняў - У.Сямашка

21 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Васількоў - БЕЛТА/. Беларусь плануе разлічыцца за газавы доўг з Расіяй на працягу двух тыдняў. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пры гэтым беларускі бок выставіў расіянам сустрэчнае патрабаванне: пагасіць доўг за транзіт газу ў $217 млн.

Уладзімір Сямашка адзначыў, што перагаворны працэс па газавай тэматыцы з расійскім бокам ідзе ў патрэбным напрамку. Ён падкрэсліў, што ў перагаворах з "Газпрамам" выспявае пэўны кампраміс. "Па-першае, нам пагражалі 85-працэнтным абмежаваннем паставак. Але сёння ўведзена абмежаванне толькі 15 працэнтаў. Гэта ўжо можна перажыць і думаць аб тым, як кампенсаваць", - сказаў чыноўнік.

Першы віцэ-прэм'ер таксама паведаміў, што ў выніку перагавораў "з'явіўся нейкі пратакол, з якім мы не можам быць згодныя ў тым выглядзе, як ён ёсць. Але важна, што расійскі бок прызнаў, што вінаваты беларускаму боку $217 млн. за транзіт".

"Такім чынам, калі расіяне нам заплацяць $217 млн. за транзіт, то мы гатовы заплаціць $187 млн. за газ", - растлумачыў Уладзімір Сямашка, удакладніўшы, што хто будзе плаціць першым - непрынцыпова.

"Мы не скрываем, што ў Беларусі складана з валютай. І каб увайсці ў рэжым рэальнага часу з аплатай, мы павінны пазычыць валюту, - адзначыў першы віцэ-прэм'ер. - Мы разлічымся. Можа, не сёння, можа, на працягу двух тыдняў знойдзем магчымасць, пазычым, але разлічымся. А яны разлічацца за транзіт". Уладзімір Сямашка дадаў, што беларускі бок "не выйдзе з перагавораў, мы будзем настойваць, пераконваць калег, шукаць кампраміс".

Першы віцэ-прэм'ер нагадаў, што ў 2006 годзе, калі заключаўся кантракт па пастаўках газу, абодва бакі зыходзілі з разумення таго, што трэба выйсці на прынцып роўнадаходных цэн. "Гэта значыць, што прыбытак, закладзены пры продажы газу Германіі, Польшчы, Беларусі і ўнутры самой Расіі, павінен быць аднолькавы, - растлумачыў Уладзімір Сямашка. - Мы разумелі пазіцыю расійскага ўрада. Праблема была ў тым, што ў Расіі да нядаўняга часу продаж газу быў стратным, "Газпрам" прадаваў газ унутры Расіі па стратных цэнах, таму трэба было ўзнімаць цэны. І мы, разумеючы сваіх калег, згадзіліся на сінхроннае павышэнне цэн. Але гэта было ў 2006 годзе, і былі запэўненні, і былі дакументы, якія сведчылі аб нашай салідарнасці. Але мінула тры гады, і мы бачым, што траекторыя, якую абазначаў урад Расіі, рэальная траекторыя руху да роўнадаходных цэн значна ніжэйшая за тую, якая зададзена. І мы бачым, што Расія не выйдзе ўжо да 1 студзеня 2011 года на роўнадаходныя цэны. Мы ўжо бачым афіцыйныя заявы на ўзроўні міністраў РФ, што яны плануюць выйсці на роўнадаходныя цэны да 2015 года".

"Калі так, то мы гаворым: гэта форс-мажорныя абставіны. Мы гаворым, што нам патрэбны цэны, супастаўныя з расійскімі", - рэзюмаваў Уладзімір Сямашка.-0-