Навіны Міністэрства
14.06.2010
Пералік дзяржпраграм навуковых даследаванняў на 2011-2015 гады зацверджаны ў Беларусі

14 чэрвеня, Мінск /Вольга Бяляўская - БЕЛТА/. У Беларусі зацверджаны пералік дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў на 2011-2015 гады. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў нумар 886, паведамілі БЕЛТА ў Апараце Саўміна.

Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Прэзідыуме Нацыянальнай акадэміі навук, каменціруючы пастанову, зацверджаны пералік уключае назвы 16 дзяржаўных праграм, іх асноўныя мэты, дзяржаўных заказчыкаў і галаўных арганізацый-выканаўцаў, а таксама прагнозныя аб'ёмы фінансавання праграм, у тым ліку па гадах.

Пералік распрацаваны ў адпаведнасці з прыярытэтнымі напрамкамі фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў Беларусі на 2011-2015 гады. У ліку такіх прыярытэтаў - энергазберажэнне, энергаэфектыўнасць і энергаэфектыўныя тэхналогіі; новыя хімічныя прадукты і тэхналогіі; біятэхналогіі, біялагічная энергетыка і біяпаліва; лячэбныя, дыягнастычныя, прафілактычныя і рэабілітацыйныя тэхналогіі, а таксама апараты і прыборы медыцынскага прызначэння; інфармацыйна-камунікацыйныя, авіяцыйныя і касмічныя тэхналогіі і апаратура; лазерныя, аптычныя, оптыка-, опта-, мікра- і радыёэлектронныя тэхналогіі і сістэмы; машынабудаванне; вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі; рацыянальнае прыродакарыстанне і абарона ад надзвычайных сітуацый і іншыя.

Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі даручана давесці пералік дзяржаўных праграм да іх дзяржаўных заказчыкаў і сумесна з імі пры фарміраванні і зацвярджэнні дзяржпраграм забяспечыць прыцягненне арганізацыямі-выканаўцамі на фінансаванне выканання гэтых праграм не менш як 15 працэнтаў пазабюджэтных сродкаў ад кошту работ па іх рэалізацыі (за выключэннем арганізацый-выканаўцаў, падпарадкаваных Міністэрству аховы здароўя).-0-