Навіны Міністэрства
10.06.2010
Будаўніцтва энергаэфектыўных жылых дамоў у Беларусі да 2015 года вырасце да 6 млн.кв.м у год

10 чэрвеня, Мінск /Алена Дземяшкевіч - БЕЛТА/. У Беларусі да 2015 года аб'ём будаўніцтва энергаэфектыўных жылых дамоў вырасце да 6 млн.кв.м у год. Аб гэтым паведаміў сёння міністр архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Селязнёў на 29-м пасяджэнні Міжурадавага савета па супрацоўніцтву ў будаўнічай дзейнасці краін СНД у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Практычна ўсё шматкватэрнае жыллё будзе выконвацца па гэтай тэхналогіі", - адзначыў міністр. Улічваючы станоўчы вопыт эксплуатацыі першых такіх дамоў, урадам Беларусі прынята рашэнне аб паэтапным пераходзе да праектавання і будаўніцтва энергаэфектыўнага жылля.

Першым этапам намечана будаўніцтва энергаэфектыўных дамоў у кожнай вобласці рэспублікі. На гэты час распрацаваны эксперыментальныя праекты дамоў. У бягучым годзе будзе пабудавана 300 тыс.кв.м.

Пачынаючы з 2010 года прадугледжаны пераход да масавага праектавання і будаўніцтва энергаэфектыўнага жылля, адзначыў міністр. Распрацавана Комплексная праграма па праектаванню, будаўніцтву і рэканструкцыі энергаэфектыўных жылых дамоў у Рэспубліцы Беларусь на 2009-2010 гады і на перспектыву да 2020 года, зацверджаная пастановай урада ад 1 чэрвеня 2009 года нумар 706. Яна ўключае комплекс арганізацыйна-тэхнічных, нарматыўных і заканадаўча-прававых мер, якія ахопліваюць усе этапы жыццёвага цыкла будынка, уключаючы праектаванне, будаўніцтва, эксплуатацыю, тэхнічнае абслугоўванне, рамонт і рэканструкцыю. Асноўнай мэтай праграмы з'яўляецца забеспячэнне зніжэння ўдзельнага спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў на ацяпленне да 60 кВт.гадз/кв.м у год, у перспектыве - да 30-40 кВт.гадз/кв.м на аснове выкарыстання новых канструктыўна-тэхналагічных, інжынерных рашэнняў і абсталявання.

 Праграмай зацверджаны прагнозныя аб'ёмы будаўніцтва энергаэфектыўных жылых дамоў у Беларусі на 2009-2015 гады і на перыяд да 2020 года з давядзеннем да 2015 года будаўніцтва такіх дамоў да 6 млн.кв.м у год.

Рэалізацыя мерапрыемстваў будзе садзейнічаць не толькі зніжэнню энергаспажывання пры эксплуатацыі жылых дамоў, але і забеспячэнню камфортных умоў пражывання грамадзян нашай рэспублікі, падкрэсліў Аляксандр Селязнёў.

Міжурадавы савет па супрацоўніцтву ў будаўнічай дзейнасці краін СНД створаны ў адпаведнасці з пагадненнем Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб супрацоўніцтве ў будаўнічай дзейнасці 9 верасня 1994 года. Мэтай стварэння савета з'яўляецца ўзаемавыгадная інтэграцыя ў выкарыстанні сыравінных рэсурсаў і матэрыяльна-тэхнічнай базы будаўніцтва, а таксама інвестыцыйнага, навукова-тэхнічнага і іншых відаў супрацоўніцтва ў будгаліне.-0-