Навіны Міністэрства
04.06.2010
Азербайджану цікавы беларускі рынак энерганосьбітаў - Э.Мамед'яраў

4 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Азербайджана Эльмар Мамед'яраў у інтэрв'ю 3 чэрвеня Першаму каналу Белтэлерадыёкампаніі, гаворачы аб магчымых пастаўках азербайджанскай нафты ў Беларусь, адзначыў, што гэта тэма актыўна абмяркоўваецца на самым высокім узроўні.

"Для нас беларускі рынак энерганосьбітаў вельмі цікавы. У нашай палітыцы мы ўвесь час выступаем за дыверсіфікацыю энергетычных партнёраў. Калі мы выйшлі са сваім нафтаправодам Баку - Тбілісі - Джэйхан на Міжземнае мора, гэта быў першы этап ажыццяўлення нашых энергетычных магчымасцей. Спачатку мы выходзілі на Чорнае мора, потым выйшлі на Міжземнае. Цяпер у гэтым кантэксце ёсць шмат цікавых праектаў па выхаду на Балтыйскае мора. Ёсць шмат магчымасцей, як гэта ажыццявіць. Зразумела, Беларусь, якая знаходзіцца пасярэдзіне маршруту паміж Чорным і Балтыйскім морамі, для нас мае інтарэс. Але гэта пытанне ў першую чаргу неабходна яшчэ разглядаць і з пункту гледжання камерцыі. Камерцыйны складальнік быў вельмі важным у супрацоўніцтве ў галіне зборкі трактароў, камбайнаў і аўтобусаў. Камерцыйныя пытанні ў энергетычным складальніку двухбаковых адносін таксама з'яўляюцца вельмі важнымі", - падкрэсліў Эльмар Мамед'яраў.

 Ацэньваючы характар адносін Беларусі і Азербайджана, ён адзначыў няўхільнае ўмацаванне кантактаў паміж краінамі. "Узаемаадносіны Беларусі і Азербайджана - гэта адносіны дзвюх самадастатковых дзяржаў. Самадастатковых - у кантэксце разумення ролі і значнасці незалежных дзяржаў у сістэме міжнародных адносін. У нас дастаткова інтэнсіўныя кантакты на ўзроўні прэзідэнтаў і міністраў замежных спраў. Па лініі МЗС мы актыўна праводзім палітычныя кансультацыі, звяраем свае пазіцыі па многіх пытаннях міжнароднага характару. Нас вельмі радуе, што інтэнсіўна працуе міжурадавая камісія, у рамках якой усе адпаведныя міністэрствы і ведамствы маюць сваіх партнёраў у Беларусі, таксама як і беларускі бок мае сваіх партнёраў тут. Тавараабарот паміж нашымі дзвюма краінамі за апошнія тры гады павялічыўся ў разы, мы ўжо вядзём размову пра сотні мільёнаў долараў. Падцягваецца да гэтага і прававая база, калі ўсё гэта замацоўваецца пагадненнямі не толькі камерцыйнага характару, але і палітычнага, гуманітарнага. Гэта з'яўляецца сур'ёзнай падмогай для таго, каб адносіны нашых краін развіваліся і паглыбляліся", - упэўнены міністр замежных спраў Азербайджана.

Кіраўнік азербайджанскага МЗС таксама перакананы ў неразрыўнасці палітычнага і эканамічнага аспектаў у адносінах паміж краінамі. "Як нас вучылі раней, палітыка гэта канцэнтраванае выражэнне эканомікі. Гэта два ўзаемадапаўняльныя аспекты. Калі гаварыць аб нарошчванні эканамічнага патэнцыялу дзвюх краін, павелічэнні тавараабароту, развіцці сумесных прадпрыемстваў і галін, то тут ёсць шмат напрамкаў: існуюць і прадстаўніцтвы Беларусі ў Азербайджане, і зборачныя цэхі. У вас ёсць амбіцыйныя планы, выкарыстоўваючы пляцоўку Азербайджана, выходзіць на трэція краіны, таксама як і ў Азербайджана ёсць вельмі вялікія інтарэсы ўваходжання на беларускі рынак, і гэта ажыццяўляецца. Калі мы гаворым аб узаемазалежнасці, мы разумеем, што эканоміка не можа існаваць па-за палітыкай, і калі ёсць цесныя ўзаемаадносіны на палітычным узроўні, то бізнес адчувае сябе спакайней. У той жа час эканамічны складальнік у двухбаковых адносінах надае дынаміку палітычным сувязям", - лічыць Эльмар Мамед'яраў.

Самыя перспектыўныя і ўдалыя сумесныя праекты, на яго думку, - гэта зборка беларускіх трактароў і прадукцыя завода МАЗ: "Гэта вельмі паспяховыя праекты. Азербайджан развіваецца дастаткова інтэнсіўна. І пасля правядзення ў нас прыватызацыі зямель фермерскія гаспадаркі зацікаўлены ў добрай, надзейнай сельскагаспадарчай тэхніцы. У гэтым выпадку трактары, якія выпускаліся яшчэ ў савецкія часы ў Беларусі, знаёмы нашым фермерам. Важны момант, што ім не трэба вывучаць, як працуе гэта тэхніка. Фактар знаёмства з тэхнікай немалаважны і для людзей, якія будуць эксплуатаваць аўтобусы МАЗ, зборка якіх будзе ажыццяўляца ў Азербайджане. Такім чынам у гэтай сферы мы і далей павінны нарошчваць супрацоўніцтва".

Закранаючы перспектыўныя праграмы ў рамках праекта "Усходняе партнёрства", кіраўнік азербайджанскага МЗС адзначыў, што яго краіна першапачаткова выступае за развіццё добрасуседскіх адносін з усімі краінамі. "У цэлым "Усходняе партнёрства" мы разглядаем як шлях у добры інстытут, які можа даць нам магчымасць зблізіцца не толькі з краінамі -  удзельніцамі гэтага праекта, але і наладзіць узаемаадносіны з Еўрапейскім саюзам. "Усходняе партнёрства" - добры інструмент прывядзення стандартаў жыцця ў Азербайджане да еўрапейскіх стандартаў. Мы разумеем, што вельмі шмат чаго неабходна рабіць, каб выходзіць на еўрапейскія стандарты ва ўсіх сферах - пачынаючы з пытанняў палітычнага характару, дэмакратызацыі краіны і заканчваючы сацыяльнымі пытаннямі: будаўніцтва і развіццё інфраструктуры, адукацыя (напрыклад, Азербайджан далучыўся да Балонскага працэсу), развіццё стандартаў вытворчасці, сельскагаспадарчая гэта або прамысловая прадукцыя", - сказаў Эльмар Мамед'яраў.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Азербайджана падзяліўся, чым карысны для яго краіны ўдзел ва "Усходнім партнёрстве". "Еўрапейскае суседства дае разуменне таго, што не трэба вынаходзіць веласіпед, а трэба ўзяць тыя стандарты, якія прымяняюцца ў еўрапейскіх краінах і пастарацца ўкараніць іх па максімуму ў азербайджанскую эканоміку і паўсядзённае жыццё. Тут нам цікавы і вопыт краін, якія з'яўляюцца членамі "Усходняга партнёрства", у тым ліку Беларусі. Цяпер мы толькі ў пачатку шляху. Ёсць некалькі ідэй, якія абмяркоўваюцца ў Бруселі: гэта і візавыя пытанні, і маладзёжная палітыка. Мы разумеем, што ў сучасным свеце паняцце "закрытыя межы" ўжо дастаткова ўстарэлае. І тут мы гатовы і адкрыты для работы. Пакуль не магу сказаць, што ў гэтым напрамку ёсць канкрэтыка, але калі мы будзем і далей рухацца і інтэнсіфікаваць гэты працэс, то гэта дасць нам магчымасць выбудаваць вельмі добрыя ўзаемаадносіны з Еўрасаюзам. Мы з Сяргеем Мікалаевічам Мартынавым (кіраўнік МЗС Беларусі. - Заўвага БЕЛТА) неаднаразова абмяркоўвалі, у якім фармаце можна гэта зрабіць. Ёсць ідэі, якія абмяркоўваліся і з нашымі ўкраінскімі, грузінскімі сябрамі і партнёрамі. Яны заключаюцца ў выпрацоўцы адзінай пазіцыі і палітыкі, з якой варта выходзіць на ўзаемаадносіны з краінамі - членамі Еўрасаюза. І ў цэлым магу сказаць, што мы рухаемся ў правільным напрамку", - упэўнены Эльмар Мамед'яраў.-0-