Навіны Міністэрства
11.03.2010
Каля 170 МВт энергетычных магутнасцей плануецца ўвесці ў Беларусі ў 2010 годзе

11 сакавіка, Мінск /Вольга Бяляўская - БЕЛТА/. Каля 170 МВт энергетычных магутнасцей плануецца ўвесці ў Беларусі ў 2010 годзе. Аб гэтым паведаміў сёння на навукова-практычнай канферэнцыі намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Намеснік міністра адзначыў, што за апошнія 4 гады ў краіне ўведзена каля 500 МВт энергетычных магутнасцей, у бліжэйшыя гады іх плануецца актыўна нарошчваць.

Асаблівае значэнне ў краіне надаецца развіццю атамнай энергетыкі. Беларусь уступае ў практычную рэалізацыю праекта па ўзвядзенню ўласнай АЭС. Праграма развіцця ядзернай энергетыкі патрабуе далейшага ўдасканалення і пашырэння. "Правядзенне ў рэспубліцы міжнароднай выстаўкі "Атамэкспа-Беларусь", у якой прымаюць удзел прадстаўнікі розных краін, - важная для нашай краіны падзея", - падкрэсліў Міхаіл Міхадзюк.

На мерапрыемствах выстаўкі беларускія спецыялісты змогуць азнаёміцца з найноўшымі распрацоўкамі ў сферы ядзернай энергетыкі, наладзіць кантакты з патэнцыяльнымі партнёрамі з іншых дзяржаў. "У нас ужо ёсць добрая прапанова, думаю, што на выстаўцы мы яшчэ знойдзем новых партнёраў", - сказаў намеснік міністра.-0-