Навіны Міністэрства
24.02.2010
Выдзяленне расійскага крэдыту на будаўніцтва беларускай АЭС зацягваецца - М.Міхадзюк

24 лютага, Мінск /Мілена Ануфрыёнак - БЕЛТА/. Выдзяленне расійскага крэдыту на будаўніцтва беларускай АЭС зацягваецца. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк сёння на калегіі Мінэнерга, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На жаль, зацягваецца пытанне з выдзяленнем крэдыту. Але з нас адказнасць за рэалізацыю гэтага праекта ніхто не здымаў", - падкрэсліў намеснік міністра.

Ён адзначыў, што ў бягучым годзе на рэалізацыю работ, звязаных з будаўніцтвам АЭС, у Беларусі будзе накіравана Br350 млрд., у тым ліку гэтыя сродкі будуць зрасходаваны на праектныя работы.

Паводле слоў Міхаіла Міхадзюка, ужо ўзведзены першы дом для будаўнікоў будучай станцыі і ўзводзіцца наступны. Пачаты работы па стварэнню аўтамабільнай дарогі і чыгункі, піянернай базы будаўніцтва АЭС.

У Беларусі плануецца пабудаваць АЭС магутнасцю каля 2,4 тыс. МВт. Месцам для размяшчэння будучай атамнай электрастанцыі выбрана Астравецкая пляцоўка ў Гродзенскай вобласці. Увод першага энергаблока беларускай АЭС чакаецца ў 2016 годзе, другога - у 2018 годзе.-0-