"Наша краіна - адна з нямногіх у свеце, якая, не маючы ўласнага прыроднага газу, значна нарасціла яго долю ў першасным энергаспажыванні. Доля спажывання газу ў 2008 годзе ў Беларусі ў валавым спажыванні ПЭР склала 62,3 працэнта, а ў аб'ёме кацельна-пячнога паліва - 79,7 працэнта. Удзельная вага прыроднага газу ў айчыннай электраэнергетычнай галіне дасягае 95-96 працэнтаў", - расказаў намеснік міністра.
Ён адзначыў, што зніжэнню спажывання прыроднага газу будзе садзейнічаць будаўніцтва ў Беларусі АЭС. З пускам атамнай электрастанцыі гадавы аб'ём закупак прыроднага газу скароціцца на 4-5 млрд. куб.м, сабекошт электраэнергіі ў цэлым па энергасістэме знізіцца прыкладна на 20-30 працэнтаў. Пры рэалізацыі выбранага ў рэспубліцы падыходу развіцця ПЭК і дыверсіфікацыі відаў паліва аб'ём спажывання прыроднага газу ў балансе кацельна-пячнога паліва павінен знізіцца з 79,7 працэнта ў 2008 годзе да 50-60 працэнтаў у 2020 годзе.
Акрамя ядзернага паліва да 2020 года ў Беларусі будзе выкарыстоўвацца 2,2-3 млн.туп каменнага вугалю са спальваннем на цеплаэлектрастанцыі ў Зэльве і ў прамысловасці будматэрыялаў з замяшчэннем прыроднага газу. Акрамя таго, плануецца спажываць не менш як 6,7 млн.туп мясцовых відаў паліва і аднаўляльнай энергіі, не больш як 1 млн.туп звадкаванага газу і газу НПЗ, каля 1 млн.туп мазуту.
Паводле слоў намесніка міністра, гэта значна павысіць узровень энергетычнай бяспекі рэспублікі, асабліва ва ўмовах росту цэн на абмежаванае паліва, якія "эканоміка краіны можа не вытрымаць".
Міхаіл Міхадзюк паведаміў таксама, што ў Беларусі цяпер рыхтуецца законапраект па развіццю аднаўляльнай энергіі і праграма развіцця ветраэнергетыкі.
У грамадскіх слуханнях папярэдняй справаздачы па АУНА будучай АЭС прымаюць удзел прадстаўнікі Міністэрства энергетыкі, Мінпрыроды, Мінэканомікі, Міністэрства аховы здароўя, Мінюста, Інстытута энергетыкі НАН Беларусі, ЗАТ "Атамбудэкспарт" (Масква), Санкт-Пецярбургскага інстытута "Атамэнергапраект", Кіеўскага праектнага інстытута "Энергапраект". Для ўдзелу ў абмеркаванні АУНА зарэгістраваліся 813 удзельнікаў. У слуханнях таксама прымае ўдзел экалагічная грамадскасць: беларуская партыя "Зялёныя", група "Экаахова", рух "Вучоныя за бяз'ядзерную Беларусь", ГА "Экадом".
У Беларусі плануецца пабудаваць АЭС магутнасцю амаль 2,4 тыс. МВт. Увод першага энергаблока беларускай АЭС чакаецца ў 2016-м, другога - у 2018-м. Станцыя будзе ўзводзіцца па праекту "АЭС-2006" санкт-пецярбургскага інстытута "Атамэнергапраект". Генпадрадчыкам будаўніцтва выступіць расійскае ЗАТ "Атамбудэкспарт" - дзяржаўная інжынірынгавая кампанія, падкантрольная "Расатаму", якая рэалізуе міжурадавыя пагадненні аб будаўніцтве аб'ектаў ядзернай энергетыкі за мяжой. Цяпер "Атамбудэкспарт" выконвае заказы, якія складаюць амаль 20 працэнтаў аб'ёму сусветнага рынку.











