Навіны Міністэрства
13.12.2011
МАГАТЭ правядзе ацэнку ядзерна-энергетычнай інфраструктуры Беларусі ў 2012 годзе

13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі правядзе ацэнку ядзерна-энергетычнай інфраструктуры Беларусі ў 2012 годзе. Пытанні правядзення комплекснай місіі МАГАТЭ былі закрануты на нарадах у Вене, удзел у якіх прынялі беларускія эксперты, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў.

Дэлегацыя беларускіх экспертаў у складзе дырэктара дэпартамента ядзернай энергетыкі Мікалая Грушы і начальніка аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства энергетыкі Ліліі Дулінец, старшага саветніка ўпраўлення гуманітарнага супрацоўніцтва і правоў чалавека МЗС Аляксея Раймана, а таксама прадстаўніка Міністэрства адукацыі Мікалая Маруды прыняла ўдзел у каардынацыйнай нарадзе ў рамках рэалізацыі нацыянальнага праекта тэхнічнага супрацоўніцтва "Развіццё сістэмы людскіх рэсурсаў і падрыхтоўкі кадраў для ядзерна-энергетычнай праграмы".

Удзельнікі нарады разгледзелі вынікі рэалізацыі праекта ў 2009-2011 гадах, абмеркавалі перспектывы ажыццяўлення аналагічнага праекта ў рамках новага цыкла Праграмы тэхнічнага супрацоўніцтва агенцтва на 2012-2013 гады.

Акрамя таго, прадстаўнікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Міхаіл Навуменка і Вадзім Грудавік прынялі ўдзел у нарадзе па падрыхтоўцы праекта тэхнічнай інструкцыі "Прадухіленне незаконнага абароту пры перамяшчэнні праз граніцу радыеактыўных матэрыялаў". Беларускія эксперты прадставілі прэзентацыю аб парадку ажыццяўлення кантролю на дзяржаўнай граніцы ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі. Прадстаўнікі Беларусі прадэманстравалі тэхнічныя магчымасці ажыццяўлення пагранічнага маніторынгу з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт. Шэраг прапаноў беларускай дэлегацыі, заснаваных на вопыце ажыццяўлення пагранічнага кантролю пры транспарціроўцы радыеактыўных матэрыялаў, былі ўлічаны пры дапрацоўцы праекта інструкцыі.-0-