Навіны Міністэрства
23.11.2011
Заахвочваць неэканомнае выкарыстанне электраэнергіі нізкімі тарыфамі немэтазгодна - Мінэнергетыкі

23 лістапада, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. Заахвочваць неэканомнае выкарыстанне электраэнергіі нізкімі тарыфамі немэтазгодна. Такое меркаванне выказаў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка ўпраўлення энергаэфектыўнасці, экалогіі і навукі Міністэрства энергетыкі Беларусі Вадзім Кондрусеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння кошт электрычнай энергіі, якая адпускаецца насельніцтву, значна ніжэйшы за свой сабекошт. Пакрыццё расходаў дзяржавы на водпуск насельніцтву электрычнай энергіі па такой цане кладзецца на прамысловыя прадпрыемствы. Аднак сёння заахвочваць насельніцтва за неэканомнае выкарыстанне электраэнергіі льготнымі тарыфамі, прынамсі, немэтазгодна", - лічыць Вадзім Кондрусеў.

Спецыяліст паведаміў, што цяпер Міністэрства энергетыкі разлічыць сярэдняе спажыванне электраэнергіі на абанемента, гэта значыць на сярэднюю сям'ю. Такім чынам будзе вызначана неабходная колькасць электраэнергіі для абанемента на месяц пры яе рацыянальным выкарыстанні. "Гэта, скажам так, норма расходу электрычнай энергіі будзе аплачвацца насельніцтвам па льготнаму тарыфу, а за ўсё, што спажываецца звыш, трэба будзе плаціць па сабекошту", - расказаў ён.

Прадстаўнік міністэрства адзначыў, што практыка ўвядзення дыферэнцаваных тарыфаў за спажытую насельніцтвам электраэнергію не новая, яна прымяняецца ў развітых краінах свету, дзе насельніцтва такім чынам прывучана эканомна выкарыстоўваць рэсурсы. "Магчыма, паступова гэта будзе ўводзіцца і ў нас. Цяпер гэта пытанне прапрацоўваецца шэрагам міністэрстваў і ведамстваў, у тым ліку Міністэрствам энергетыкі і дэпартаментам па энергаэфектыўнасці. Па выніку будзе прынята аптымальнае рашэнне", - паведаміў ён.

Вадзім Кондрусеў падкрэсліў, што насельніцтву неабходна эканоміць электраэнергію ў сваіх дамах, не чакаючы дыферэнцаваных тарыфаў. Так, начальнік упраўлення парэкамендаваў грамадзянам купляць электрапрыборы з высокім класам энергаэфектыўнасці. "Хоць такія прыборы могуць каштаваць даражэй за звычайныя, у далейшым пры рэгулярнай эксплуатацыі іх уладальнікі адчуюць значную эканомію, аплачваючы рахункі за спажытую электраэнергію. Усё павінна быць рацыянальным, у тым ліку і расход электрычнай энергіі", - сказаў ён.-0-