20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Атамная электрастанцыя ў Беларусі будзе будавацца на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці. Такое рашэнне прыняла сёння Дзяржаўная камісія па выбары месца размяшчэння зямельнага ўчастка для будаўніцтва АЭС у Беларусі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства энергетыкі Беларусі Людміла Зяньковіч.
Падпісаны акт выбару месца размяшчэння зямельнага ўчастка пад АЭС у Астравецкім раёне. Гэты выбар зроблены па выніках вывучэння трох пляцовак - Астравецкай, Краснапалянскай і Кукшынаўскай.
Камісія адобрыла заключэнне пошукавых арганізацый. Падпісаны адпаведныя дакументы. Гэта пратакол пасяджэння Дзяржаўнай камісіі па выбары месца размяшчэння зямельнага ўчастка для будаўніцтва АЭС і акт выбару месца размяшчэння зямельнага ўчастка для будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне.
Як паведамлялася раней, палітычнае рашэнне аб будаўніцтве ў Беларусі ўласнай атамнай электрастанцыі было прынята 15 студзеня 2008 года на пасяджэнні Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, якое праходзіла пад старшынствам кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Беларусь плануе ўвесці ў эксплуатацыю два блокі АЭС магутнасцю 1 тыс. МВт кожны. Першы блок павінен быць уведзены ў 2016 годзе, другі - у 2018 годзе.
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Міхаіл Мясніковіч раней паведамляў, што магчымы два варыянты працэдуры выбару генпадрадчыка будаўніцтва АЭС: правядзенне тэндэра або выбар партнёра шляхам прамых перагавораў. Для другога варыянта спатрэбяцца важкія падставы. Будзе ўлічвацца не толькі надзейнасць праекта (гэта пытанне выстаўляецца на першы план), але і пытанні, звязаныя з суфінансаваннем праекта, магчымасць удзелу па кааперацыі беларускіх будаўнікоў, наладчыкаў, а таксама прамысловых прадпрыемстваў.
Паводле ацэнкі спецыялістаў, будаўніцтва АЭС у Беларусі дасць магчымасць эканоміць амаль $1 млрд. у год на закупках газу. Такія разлікі зроблены зыходзячы з чаканых цэн на прыродны газ для Беларусі ў будучым. Цяпер вылучаны 4 асноўныя перавагі будаўніцтва АЭС у Беларусі. Акрамя эканоміі сродкаў на закупках газу, гэта зніжэнне затрат на вытворчасць электраэнергіі, скарачэнне закупак прыроднага газу на 3-3,5 млрд.куб.м у год, а таксама скарачэнне выкідаў парніковага газу на 10-12 млн.т у год. Пасля 2016 года ў выніку будаўніцтва першага блока АЭС затраты на вытворчасць электраэнергіі ў Беларусі знізяцца прыкладна на 60-70 працэнтаў. Сыравінай для атамнай электрастанцыі служыць прыродны уран. Паводле разлікаў, да 2020 года цана на прыродны газ будзе разоў у 12 вышэйшая, чым на ядзернае паліва.
Паводле слоў намесніка міністра энергетыкі Міхаіла Міхадзюка, на станцыях, якія выкарыстоўваюць арганічны від паліва, паліўны складальнік у сабекошце вытворчасці цеплавой і электрычнай энергіі складае ад 70 працэнтаў да 80 працэнтаў. На АЭС паліўны складальнік будзе да 20 працэнтаў у сабекошце вытворчасці энергіі. З іх толькі 8 працэнтаў будзе прыпадаць непасрэдна на прыродны уран, астатнюю частку складуць расходы на яго перапрацоўку, абагачэнне і далейшую перапрацоўку адходаў. Таму падаражэнне газу будзе значна больш уплываць на сабекошт электраэнергіі, чым падаражэнне урану.
Дакладны кошт будаўніцтва АЭС у Беларусі пакуль што не называўся. Гэта будзе прадметам перагавораў з канкрэтнай арганізацыяй, якая зоймецца рэалізацыяй праекта. Сусветная практыка паказвае, што ўзвядзенне двух блокаў АЭС магутнасцю 1 тыс. МВт кожны складае ад $2 млрд. да $10 млрд.
Паводле інфармацыі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, даныя праведзенага ў рэспубліцы сацыялагічнага даследавання сведчаць аб тым, што колькасць прыхільнікаў развіцця ў Беларусі ядзернай энергетыкі ў параўнанні з 2005 годам павялічылася амаль у два разы - з 28,3 працэнта да 54,8 працэнта.











