Навіны Міністэрства
08.08.2011
У Беларусі вывучаюць эканоміку ўкаранення разумных электрасетак

8 жніўня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. У Беларусі вывучаюць эканамічную мэтазгоднасць укаранення разумных электрычных сетак (Smart Grids), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ДВА "Белэнерга".

Тэхналогія Smart Grids прадугледжвае аб'яднанне электрычных сетак спажыўцоў і вытворцаў электраэнергіі ў адзіную аўтаматызаваную сістэму, якая ў рэальным часе дае магчымасць адсочваць, кантраляваць і кіраваць рэжымамі работы ўсіх удзельнікаў працэсу выпрацоўкі, перадачы і спажывання электраэнергіі. Разумная электрычная сетка ў аўтаматычным рэжыме аператыўна раэгуе на змяненні розных параметраў і дае магчымасць ажыццяўляць бесперабойнае электразабеспячэнне з максімальнай эканамічнай эфектыўнасцю пры зніжэнні ўплыву чалавечага фактару.

Гаворачы аб перспектывах развіцця сістэмаўтваральных электрычных сетак 220 кВ і вышэй і размеркавальных сетак 110-35 кВ, у аб'яднанні адзначылі, што прымяненне Smart Grids і адпаведных тэхнічных рашэнняў у гэтых сетках з'яўляецца вельмі прывабным з пункту гледжання эфектыўнасці рашэнняў і зручнасці эксплуатацыі абсталявання. У першую чаргу размова ідзе аб пераходзе да так званых лічбавых падстанцый і рэалізацыі бесправадной сістэмы для інтэлектуальнага маніторынгу падстанцый.

Галоўнай праблемай на шляху да шырокага ўкаранення Smart Grids з'яўляецца высокі кошт рашэнняў. Таму ключавое пытанне - гэта пытанне эканамічнай эфектыўнасці, што і было падкрэслена ў ходзе круглага стала пасля прэзентацыі Smart Grids, праведзенай спецыялістамі ААТ "Інстытут "Энергасеткапраект" (Масква) у ДВА "Белэнерга".

Зыходзячы з гэтага, было прынята і замацавана пратаколам рашэнне аб правядзенні сумеснымі намаганнямі навукова-даследчай работы (НДР) для вызначэння тэхніка-эканамічных паказчыкаў эфектыўнасці ўкаранення Smart Grids у Беларускай энергасістэме. У выпадку станоўчага выніку наступным крокам стане выкананне аднаго або некалькіх пілотных праектаў.

У ДВА Белэнерга таксама адзначылі, што асаблівае значэнне ў гарадах і сельскай мясцовасці адыгрываюць размеркавальныя электрычныя сеткі намінальнай напружанасці 6-10-0,4 кВ, праз якія атрымлівае электраэнергію пераважная большасць спажыўцоў. У той жа час менавіта ў гэтых размеркавальных сетках фіксуецца не менш за 70 працэнтаў усіх парушэнняў электразабеспячэння. У большасці выпадкаў віной таму слабая аснашчанасць такіх сетак камутацыйнымі апаратамі і нізкі ўзровень аўтаматызацыі.

З улікам гэтага ў рамках падрыхтоўкі да распрацоўкі праграмы перспектыўнага развіцця размеркавальных электрычных сетак 10(6)-0,4 кВ да 2020 года РУП "Белэнергасеткапраект" распрацавала праект СТП "Метадычныя рэкамендацыі па аўтаматызацыі размеркавальных электрычных сетак 10(6)-0,4 кВ Беларускай энергасістэмы". Дакумент вызначае вектар развіцця размеркавальных электрасетак у бок Smart Grids, называе неабходныя для гэтага захады, разглядае спадарожныя пытанні, галоўным чынам, пытанне мадэрнізацыі схем размеркавальных электрычных сетак. Пры распрацоўцы методыкі адначасова ўлічаны сусветны вопыт укаранення разумных электрасетак і айчынная спецыфіка.

Дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне электраэнергетыкі "Белэнерга" створана ў 2006 годзе ў парадку рэарганізацыі Беларускага дзяржаўнага энергетычнага канцэрна для кіравання гаспадарчай дзейнасцю электраэнергетычнага комплексу Беларусі. У склад "Белэнерга" ўваходзяць у тым ліку рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы "Брэстэнерга", "Віцебскэнерга", "Гомельэнерга", "Гроднаэнерга", "Мінскэнерга", "Магілёўэнерга".-0-